Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Слонiмскi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

13 красавіка 2020

Міжэвічы – на дарозе вайны

Праз аграгарадок Міжэвічы праходзіць дарога Слонім-Ружаны. Калісьці яна называла­ся «Кацярынінскай дарогай». У 1796 годзе па ёй павінна была пра­язджаць у Варшаву імператрыца Кацярына II, і дарога загадзя была выбрукавана каменнем, быў зро­блены драўляны мост з разнымі парэнчамі праз рачулку Грыўда. Менавіта па гэтай дарозе, па­чынаючы з 22 чэрвеня 1941 года, ішла фашысцкая бранятэхніка на усход. Той ваенны час застаўся ў памяці самых старэйшых жыха­роў і ўраджэнцаў Міжэвіч. У 1941 годзе яны былі дзяцьмі. Дзеці вайны… Ім прыйшлося пе­ражыць многа страху, жорсткасці і ўбычыць мноства смярцей. Напэўна таму, усё ўбачанае падчас ваенна­га ліхалецця засталося ў іх памяці назаўсёды, уключаючы нядзельную раніцу 22 чэрвеня 1941 года. Пяцігадовай Лідзе Савіч і чатыр­наццацігадовай Вользе Казлоўскай гэты дзень запомніўся да найдраб­нейшых падрабязнасцей, як і ўсе га­ды акупацыі. Лідзія Мікалаеўна Савіч (Крэчык) (1936-14.07.2019) – ураджэнка вёскі Міжэвічы. Яе бацька, Крэчык Мікалай Андрэевіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ваенны фельчар. Дарогамі вайны прайшоў ад Беластока да Прагі. Удзельнічаў у абароне Масквы, дзе быў цяж­ка паранены. Яго вылечыў урач са Слоніма. Потым дайшоў з бая­мі да Украіны. Вызваляў ад фашы­стаў Малдавію, Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію. – Я ў пяцігадовым узросце ста­ла сведкай усіх жахаў вайны, якія з памяці не сцерці ніколі. У першы дзень вайны згарэла наша хата. У Міжэвічах быў страшэнны бой: усё вакол грымела, страляла, гарэла. Мы схаваліся ў склепе. Калі ён па­чаў гарэць, мы выбраліся з яго і па канаве, пад градам куль, перапаўзлі вуліцу да суседняй хаты. Запаўзлі ў хлеў і там убачылі параненых чырвонаармейцаў. Да вечара бой прыціх. Мы з ма­май пайшлі ў Крывец да радні. Там ужо былі многія жыхары нашай вёскі. Падчас гэтага бою загінула шмат жыхароў Міжэвіч. Дзяцей, якія засталіся без бацькоў у пер­шы дзень вайны, у свае сем‘і забралі аднавяскоўцы. Калі мы вярнуліся дадому, я пайшла на балота, што на ўскрай­ку вёскі, шукаць свайго маленькага шчанюка. У траве ляжала мёртвая дзяўчына. На ёй была чорная ў белы гарошак сукенка, завітыя валасы, а на нагах – чорныя лакіраваныя ту­фелькі. Я некалькі разоў бегала на яе паглядзець, пакуль яе не забралі. Каля аднаго са спаленых да­моў у варонцы ад снараду выкапалі вялікую яму. Туды звезлі забітых салдатаў. Ужо пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе іх перазаха­валі ў Брацкай магіле каля школы. Загінуўшых аднавяскоўцаў хавалі на мясцовых могілках. Пажылыя люд­зі пазней расказвалі, што воінская часць, якая вяла бой у Міжэвічах, прыбыла з Баранавічаў. Немцы, пераапранутыя ў адзенне савецкіх рэгуліроўшчыкаў, накіравалі нашых байцоў у бок Міжэвіч, дзе іх чакалі ў засадзе нямецкія салдаты. У жніўні дзядуля пабудаваў хлеў, дзе зрабілі печ, нары. Кожную ноч чуліся стрэлы. Мы клаліся на пад­логу і ляжалі, пакуль усё не сціхала. І так працягвалася аж да вызвален­ня, да 1944 года. Аднойчы мы з мамай пайшлі ў Сурынку. Там у дзядзькі былі крос­ны. Мама ткала, а я стаяла по­бач. Нечакана прыехалі «чорныя» – так называлі паліцаяў, якія ў гэтай мясцовасці служылі немцам. Яны зайшлі ў дом, сталі шукаць парты­зан. Праз нейкі час мама закончыла ткаць і мы пайшлі дадому. Па да­розе зноў сустрэлі «чорных». Яны пазналі маму, і спыталі, чаму яна ходзіць туды-сюды, і яны прыйшлі да высновы, што мама – сувязная партызан. У вёсцы яны распыт­валі падрабязна пра нашу сям’ю. Даведаліся, што бацька на фрон­це. Суседзі перадалі, што маму ча­кае расправа і схавалі яе. Паліцаі хадзілі па ўсіх дварах, шукалі маму, але, дзякуй Богу і добрым людзям, не знайшлі. Памятаю вызваленне родных Міжэвіч. Мы ўсёй сям‘ёй сядзелі ў зямлянцы, выкапанай на месцы па­пялішча нашай хаты. Фашысты ўсё за сабой знішчалі. Але мы ўсё перажылі і дачакаліся Перамогі. Жыхарка аграгарадка Міжэвічы Вольга Ульянаўна Казлоўская (18.10.1926 – 26.04.2018) успамінала: – Перад самай вайной адчува­лася трывога, здавалася, што на вёску апускаецца нешта страшнае і непапраўнае. 22 чэрвеня неба гуд­зела ад самалётаў, якія варожа і ня­спынна праляталі ў вышыні. Затым на шашы з боку Ружан з‘явіліся ма­тацыклы з салдатамі. Вакол гу­чалі стрэлы і выбухі. У разгубле­насці людзі ўцякалі з родных да­моў. Хаваліся ў жыце, пад куста­мі, у ямах, быццам яны маглі ста­ць выратаваннем у гэтых жудас­ных абставінах. З першых дзён вайны ў вёсцы была абсталявана нямецкая ка­мендатура. Праз дзень немцы са­бралі мужчын, якія засталіся дома, прывялі іх да хлява, паставілі каля сцяны. Побач сабраліся жанчыны з дзецьмі. Чуліся ўсхваляваныя тры­вожныя галасы: «Божа! Выратуй! Дапамажы!» Нечакана прагучаў стрэл, і адзін з немцаў упаў на зям­лю. Салдаты кінуліся ў бок стрэлу, а мужчыны ў гэты час разбегліся ў розныя бакі. Прагучаў яшчэ адзін стрэл. На тым месцы, адкуль да­носіліся стрэлы, немцы знайшлі це­ла чырвонаармейца, які выратаваў вясковых мужчын. Немцы не дазвалялі хаваць за­бітых чырвонаармейцаў. Але мой бацька з суседзямі сабралі целы за­бітых, выкапалі магілу ў канцы сада і пахавалі. Вясной мы з сястрой па­садзілі там кветкі. У канцы 70-х га­доў астанкі загінуўшых воінаў бы­лі перанесены ў агульную Брацкую магілу. Памятаю, як на першым тыд­ні вайны немцы загадалі сабрацца мужчынам каля крыжа. Пад‘ехала машына, і мужчын павезлі ў сусед­нюю вёску Пасінічы. Там за вёскай ім загадалі выкапаць глыбокую яму. На наступны дзень аднавяскоўцы бачылі, як машына з мясцовымі яўрэямі і іх дзецьмі паехала ў бок Пасініч. Яўрэйскія дзеці махалі на развітанне ручкамі, а ў іх малень­кіх фігурах адчуваліся смутак, раз­губленасць і бездапаможнасць. Многа савецкіх воінаў загінула ў баях у наваколлі вёскі Міжэвічы ў 1941 годзе і пры вызваленні ў 1944 годзе. Жыхары цяперашняга агра­гарадка Міжэвічы ведаюць, што за шчасце жыць пад мірным блакіт­ным небам аддалі сваё жыццё 649 невядомых і 9 вядомых чырвонаар­мейцаў і камандзіраў. У іх гонар па­стаўлены помнік, які знаходзіцца ка­ля Міжэвіцкай школы. Адкрыты ён быў 9 мая 1965 года, у гонар 20-й гадавіны з Дня Перамогі. На высо­кім пастаменце выбіты словы “Ніхто не забыты”, і стаяць дзве бронзо­выя фігуры жанчыны-воіна і муж­чыны-воіна. Іх маладыя і мужныя твары застылі ў журботным маў­чанні. Непрыкметны ветрык развя­вае іх шынялі. Жанчына-воін і муж­чына-воін сімвалізуюць загінуўшых байцоў. У 2000 годзе адбылося перазаха­ванне яшчэ 22 воінаў, астанкі якіх былі знойдзены пошукавым атра­дам на могілках вёскі Лапухова. Агні дваццаці дзвюх свечак трымцелі та­ды ў руках жыхароў Міжэвіч у памя­ць аб загінуўшых байцах. А чырво­ныя цюльпаны будуць цвісці кожны май у Дзень Перамогі ў памяць аб тых, хто абараняў Міжэвічы ад фа­шысцкіх захопнікаў. Марыя НЯЦЕЦКАЯ Фота Ігара ПРАКОФ‘ЕВА Читать далее на Слонімскі веснік: Міжэвічы – на дарозе вайны https://www.slonves.by/?p=119404