Афіцыйны сайт
29 красавіка 2019

НАДЗЕЯ ТАЧОНАЯ: мне цудам удалося ацалець

 Гады фашысцкай акупацыі для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Надзеі Міхайлаўны - гэта час страшных страт, штодзённых нягод і пакут. Яна і яе баявыя таварышчы - партызаны знайшлі ў сабе сілы і мужнасць, каб выстаяць і выгнаць акупантаў з роднай зямлі. У юнай партызанкі зброя заўсёды была напагатове, але страляць ў ворага ёй не прыйшлося. Знаходзячыся ў партызанскім атрадзе, такія дзяўчыны, як яна, стаялі на пасадзе, ахоўвалі партызанскі лагер, дапамагалі даглядаць за параненымі, рыхтавалі ежу для байцоў. - Сям'я ў нас была вялікая, - успамінае Надзея Міхайлаўна. - У бацькоў было шасцёра дзяцей: тры дзяўчынкі і тры хлопчыка. А ўсяго ў нашай хаце ў вёсцы Залессе, Жыровіцкага сельсавета, жылі дзевяць чалавек: дзеці, мама, тата і бабуля. Я нарадзілася другая. Я нарадзілася ў 1927 годзе, а па пашпарце - у 1928 годзе. Тата (Міхаіл Васільевіч Антонік) быў родам з в. Стайкі. А маму нашу клікалі Ульяна Міхайлаўна Смаглей. Ветэран успамінае, што калі прыйшла савецкая ўлада, жыццё ў вёсцы наладзілася. Аднак неўзабаве мірнае жыццё перакрэсліла вайна. У нас быў кабан вагой 12 пудоў, - распавядае Надзея Міхайлаўна, - якога стараста запісаў здаць немцам. Калі партызаны даведаліся пра гэта, то прыйшлі да нас, і бацька аддаў ім яго. А гэта паліцаі расцанілі, як сувязь з партызанамі. Мне цудам удалося ацалець, мяне не было дома, калі фашысты схапілі маю сям'ю: тату, маму, двух брацікаў-блізнят Янку і Васю, якім было па 12 гадоў, дзесяцігадовага Колю, сястрычку Марыю, якой было 8 гадоў, і яшчэ адна зусім маленькая дзяўчынку. Іх сагналі ў будынак школы, дзе катавалі, мучылі, а потым вывелі і расстралялі. Сярод катаў былі і нашы суседзі - паліцаі.Надзеі Антонік ўдалося ўцячы ў лес, дзе яна выпадкова сустрэла знаёмых партызан з Залесся. Так дзяўчына трапіла ў партызанскі атрад імя Дзяржынскага, якая базавалася ў Ваўчыных норах.
Перад самым вызваленнем фашысты паспрабавалі акружыць наш атрад. Некалькі тысяч паліцаяў і немцаў прачэсвалі лес. Мы сталі адступаць у бок Брэста, дзе стаялі іншыя партызанскія атрады. Але карнікі ідуць за намі па пятах, і як толькі мы злучыліся з іншымі атрадамі, то нам давялося прыняць страшны бой, у якім загінула вельмі шмат людзей. Байцы засталіся нас прыкрываць, а нас, дзяўчат і жанчын, праваднікі правялі па балоце ў бяспечнае месца. Памятаю, мы ўсю ноч прабіраліся па забалочанай мясцовасці, а над намі ляталі нямецкія самалёты. Калі мы прыйшлі ў лес, то пахаваліся за вялікія дубы, таму што немцы пачалі артабстрэл.Снарад як разарвецца, аж зямля трасецца. Аднак праз некаторы час гул прыціх. Прыязджаюць разведчыкі і кажуць: «Таварышы партызаны! Нашы ідуць! »Усе ад радасці плакалі. Пасля вайны Надзея Міхайлаўна ўладкавалася на фабрыку «Тэкстыльшчык», дзе прапрацавала 30 гадоў. Напярэдадні светлых травеньскіх святаў ад усёй душы віншуем Надзею Міхайлаўну з Днём Перамогі і жадаем ёй моцнага здароўя, бадзёрасці духу і мірнага неба над галавой!